Музей ДУА "Ленінскі ВПК яслі-сад - сярэдняя школа"

Змест раздзела:


Гісторыя стварэння музея


Экспазіцыя музея


Мужчынскі вугалок


Жаночы вугалок


”Ох, лянок, лянок мой чысты…”


Чысты пакой


Вялікая Айчынная вайна


Абзорная экскурсія па стэндзе


Гісторыя замка


Бітва 1812 г.


Царква


Школа

 

 

Гісторыя стварэння музея.

Музей заснаваны 14 лютага 2003 года загадам дырэктара ДУА "Ленінская сярэдняя школа" № 18 ад 14.02.2003 г. Экспазіцыя музея налічвае 177 экспанатаў, з іх 151 экспанат асноўнага фонду і 26 дапаможнага. У музеі сабраны рэчы, якія характарызуюць жыццё сялян мястэчка Раманава першай паловы ХХ стагоддзя.

- На базе  музея створаны і функцыяніруе гурток «Спадчына»;

- Экскурсійная група з 6 навучэнцаў праводзіць экскурсіі як для школьнікаў ,так і гасцей;

- У музеі праводзяцца ўрокі гісторыі, літаратуры, малявання, класныя гадзіны, сустрэчы з ветэранамі, з народнымі ўмельцамі, ветэранамі працы, сумесна з домам культуры праводзяцца народныя гулянні: Масленіца, Калядкі, свята вёскі .

Экспазіцыя музея.

- Мужчынскі вугалок;

- Жаночы вугалок;

- «Ох, лянок, лянок , мой чысты…»;

- Чысты пакой;

- Ніхто не забыты, нішто не забыта…;

- Гісторыя мястэчка Раманава - Леніна;

- Гісторыя школы;

- Славутыя выпускнікі;

  Мужчынскі вугалок.

У мужчынскім вугалку сабраны рэчы, зробленыя рукамі мужчыны, так як гаспадар у тыя часы павінен быў умець усё: быць бондарам—рабіць прадметы з дрэва: бочкі, бойкі, біклагі, куфэркі, і, канечне, цікавым экспанатам у нас з’яўляецца  барыла для захоўвання самагонкі; быў каваль, які каваў замкі для аборы. У музеі таксама захоўваецца капыла для пашыву абутку. Нашыя продкі ўмелі плесці з саломы карабы, а з лазы лапці для усёй сям'і, кашы. І канечне ў нашым музеі зберагаюцца жорны, зробленыя рукамі мужчыны.

        

 

Жаночы вугалок.

Малола на жорнах часцей, канешне, жанчына, так як яе задача - накарміць усю сям’ю. Калі гаспадара ацэньвалі па двару, то гаспадыню – па  хаце. Ёй раней за ўсіх прыходзілася ўставаць, каб распаліць у печы. Пры вялікім агні гаспадыня гатавала для гаспадаркі, а калі жар спадаў гаспадыня у печ застаўляла чыгункі з рознымі стравамі. У меншых чыгунках былі кашы з пярлоўкі, пшана, а ў большых чыгунках таміліся ў печы баршчы, часцей з кіслай капусты, поліўкі, супы з грыбамі і сушанай рыбай.

Ёсць у нас і лапата для выпечкі хлеба, і вілы, каб  прыставіць чыгункі ў печ, і мноства збаноў для малака, ёмкасць для сыру, сіта, пранікі для мыцця бялізны.

        

 

”Ох, лянок, лянок мой чысты…”

    Не хлебам адзіным жыў селянін. Патрэбна былі і вопратка, і рэчы для хаты. Але галоўную ролю выконваў лён. Былі, канечне, і рэчы з воўны, кажухі, але усё роўна сялянства трымалася лёну, хоць ён і патрабаваў многа працы. Нават месяц быў названы ў гонар ільну — кастрычнік, калі абівалі кастрыцу з ільну. Спачатку лён церлі на церніцах, затым часалі на грабянях, пралі на пралках. Пралкі былі розныя, у залежнасці ад гаспадара, ды і жаніхі часта рабілі пралкі для сваіх каханых. Гэта былі штодзённыя рэчы, асабліва зімою: дзяўчаты збіраліся на попрадкі і да іх заходзілі хлопцы. Вось пад жарты і песні пралі дзяўчаты і жанчыны лён. А затым ніткі ільняныя фарбаваліся і сушыліся. Затым з гэтых нітак ткаліся посцілкі, ручнікі, палотны.

      

Чысты пакой.

   Калі з працай былі звязазаны сені і першы вялікі пакой хаты, то з адпачынкам – чысты  пакой. З ХІХ стагоддзя , асабліва у пачатку ХХ стагоддзя сялянне ўжо мелі магчымасць будаваць трохсценкі, хаты на тры сцяны: рабочы пакой  і чысты. Тут былі сабраны лепшыя рэчы: стаяў куфар, набіты пасагам для дзяўчыны, круглы, як сонца, стол, каб не было вуглоў. Ведаеце прыкмету: не садзіся на вугал стала – замуж не пойдзеш. На стале стаяў самавар для гасцей. І канечне, драўляны ложак, яго часцей заказвалі ў майстра на пасаг да вяселля. Упрыгожвалі гэты пакой вышыванкамі: рамкамі, дарожкамі. У нас яшчэ ёсць дзіцячая калыска і стойка для дзяцей. У нашым музеі таксама сабрана адзенне, якое насілі ў 50-тыя гады, абудак (звярніце увагу, большасць абутку была з гумы, таму што дарогі былі дрэнныя, каб ногі сухія былі, ды і блішчалі на сонцы).

      

Вялікая Айчынная вайна.

  Нашу вёску не абмінула вайна. Многа аднавяскоўцаў загінула на фронце. Ім пастаўлены помнік у цэнтры вёскі. Вёска была акупіравана ў 1941 годзе, стаялі немцы, існаваў паліцэйскі ўчастак. Да вайны ў Леніна пражывала больш за 120 яўрэяў. 140 былі расстраляны  за вёскай у 1942 годзе. Састаўлены акт аб перазахаванні, дзе гаворыцца, што ў чэрвені 1942 г. раніцай былі расстраляны 140 чалавек. Ім такама пастаўлены помнік  на могілках.

  Тут сабраны рэчы, якія адносяцца да перыяду вайны: нямецкія каскі, нямецкі тэрмас. Ёсць і савецкая каска, яна цэлая,   штык-нож, які быў прымацаваны да салдацкай вінтоўкі для абароны  ў блізкім баю.

Паглядзіце на газету, якая выйшла ў 8 мая 1945 г. Можаце прачытаць, як расказвалася пра доўгачаканую Перамогу.

      

 

Абзорная экскурсія па стэндзе.

          Да 1921 года вёска Леніна называлася Раманава. Упамінаецца ў грамаце вялікага князя літоўскага  Аляксандра ў 1499 г. у ліку найбольш вялікіх населеных пунктаў Слуцкага княства. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка Слуцкага павета. У 1812 г. каля мястэчка адбыўся бой казацкага корпуса пад камандаваннем генерала М.І.Платава. 2-ой рускай арміі П.І.Баграціёна з французскімі войскамі. У 1866 -1867 гг.. на сродкі сялян было пабудавана памяшканне для народнага вучылішча. З 1876 г. народнае вучылішча стала двухкласным. Прымалі ў яго па два хлопчыкі ад кожнага населеннага пункта. У 1898 г. пабудавана другое двухкласнае вучылішча, у якое ўжо прымалі і дзяўчынак.

  На пачатку ХХ ст. мястэчка  на 260 двароў і 1481 жыхароў. У 1921 г. заснавана першая ў Слуцкім павеце камуна.

На 01.01.1998 г. у вёсцы 214 двароў і 523 жыхары, сярэдняя школа, Дом культуры, магазін, ФАП, КБА, пошта.

Помнікі  аргеалогіі — гарадзішча, мясцовая назва Замак, помнік на месцы бою 1812 г., тры помнікі загінуўшым у гады ВАв. Леніна - радзіма вучонага А.П. Гладкага, майстра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Алены Кіш, кампазітара і фалькларыста У.В.Тэраўскага, пісьменніка В.Б.Дайліды.

Гісторыя замка

Цікавы археалагічны помнік знаходзіцца ускрайку вескі Леніна. Гэты помнік сярод мясцовага насельніцтва мае назву “Замак”. У 80-я гады  археолаг Гурын правёў даследчыя работы. Невялікая колькасць археалагічных матэрыялаў  паказвае, што паселішча належала  насельніцтву культуры штрыхаванай керамікі.

Бітва 1812 г.

Менавіта тут, каля нашай вёскі 14 ліпеня 1812 г. адбылася бітва, якая адыграла сваю станоўчую ролю ў ходзе барацьбы войскаў генерала Баграціёна з войскамі Жэрома Банапарта. Да 200-годдзя на месцы бою казакамі Беларусі, Расіі, Украіны быў устаноўлены 12 –метровы  паклонны крыж.

Царква

Цэнтрам Раманава ў пачатку ХХ ст. была невялікая плошча з двума драўлянымі царквамі: Юр’еўскай і Мікалаеўскай. Побач - невялікае азярцо. Адсюль ва ўсе бакі разыходзіліся вуліцы. У 70-я гады савецкія ўлады зруйнавалі царкву Святога Юрыя, і на яе месцы ў 80-я гады пабудавалі Дом культуры.

Школа

Вялікую гісторыю мае Ленінская школа. Яшчэ ў 1865 г. на сродкі сялян м. Раманава пабудавалі і адкрылі народнае вучылішча, якое з 1876 г. стала двухкласным, а з 1910 года — чатырохкласным. у 1896 г. адкрылася яшчэ адно дзяржаўнае вучылішча, дзе разам з хлопчыкамі навучаліся і дзяўчынкі. У канцы ХІХ ст. ў вёсцы пражывала 1552 жыхары.

Нашымі знакамітымі землякамі з’яўляюцца майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сусветнавядомая мастачка, дываны якой экспануюцца не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, Алена Кіш, а таксама кампазітар і фалькларыст, аўтар музыкі да песні "Купалінка", музыкальны кіраўнік Беларускага дзяржаўнага тэатра, У.В. Тэраўскі.

        


Даследчая дзейнасць музея


           

Медыяпраекты

100 год БССР Персональный сайт Слуцкого Александра Віртуальны кабінет беларускай мовы і літаратуры Віртуальны метадычны цэнтр